У Лідзе прэзентавалі “Новы замак” і ўручылі прэмію імя Анатоля Іверса
9 красавіка ў лідскім філіяле “Гарадская бібліятэка № 3” у рамках чарговага паседжання Аматарскага аб’яднання сяброў беларускай мовы імя Францішка Багушэвіча адбылася прэзентацыя гарадзенскага літаратурнага часопіса “Новы замак”(№ 10). Пісьменнік і выдавец Станіслаў Суднік распачаў прэзентацыю, падзякаваўшы ўсім за ўдзел у гэтай шчырай сустрэчы ў Лідзе.

А потым адбылося ўручэнне Гарадзенскай абласной літаратурнай прэміі імя Анатоля Іверса. Гэтую прэмію атрымаў лідскі паэт і публіцыст Уладзімір Васько. Прэмію Уладзіміру Гаўрылавічу ўручылі Янка Трацяк, Валянцін Дубатоўка і Сяргей Чыгрын са Слоніма. Сяргей Чыгрын адзначыў, што “ў 1981 годзе напісаў рэцэнзію на першы зборнік Уладзіміра Васько “Прасветленасць” і апублікаваў тады ў “ЛіМе”. Хто мог падумаць, што пройдзе шмат гадоў і выпадзе нагода ўручыць лідскаму паэту гэту заслужаную прэмію”.
Уладзімір Васько ў сваю чаргу шчыра падзякаваў усім за прэмію і распавёў пра чарговы гадавік “Новага замку”, аналізуючы творы гарадзенскіх літаратараў.
Падчас прэзентацыі пра “Новы замак” свае суб’ектыўныя думкі выказалі рэдактар выдання Янка Трацяк, а таксама Валянцін Дубатоўка, Ала Петрушкевіч і Іван Буднік з Гародні, Рычард Бялячыц са Шчучына, Сяргей Чыгрын і Мікола Канановіч са Слоніма, Валерый Петрыкевіч з Дзятлава. З Ліды завіталі на прэзентацыю Станіслаў Суднік, Леанід Лаўрэш, Уладзімір Васько, Міхась Мельнік, Сяржук Чарняк, Вольга Ашмяна-Бічэль і іншыя аматары літаратуры.
Выступоўцы чыталі свае творы, успаміналі Аляксея Пяткевіча і Юрку Голуба – таленавітых гарадзенскіх літаратараў, якія пакінулі гэты свет, а таксама падзяліліся сваімі прапановамі і заўвагамі.
Падчас прэзентацыі Гарадзенскага гадавіка прысутным былі прадстаўлены новы выданні – кніга Валерыя Петрыкевіча “Там, дзе цячэ Маўчадка” і другі выпуск наваградскага літаратурнага альманаха “Стольны град”.
Напрыканцы сустрэчы ў Лідзе, прысутных радаваў песнямі вядомы бард Сяржук Чарняк. А Лідская гарадская бібліятэка атрамала ў падарунак шмат цікавых выданняў.


























Беларускае Радыё Рацыя
