У Лідзе прэзентавалі зборнік “Ад лідскіх муроў”



У Лідскім літаратурным музеі (Домік Таўлая) адбылася прэзентацыя літаратурна-мастацкага зборніка “Ад лідскіх муроў” № 9 (2016 – 2019). Прэзентацыя мела адбыцца яшчэ ў сакавіку, але не дазволіў каронавірус. Тады ўсе мерапрыемствы былі адменены. Зараз, пакуль не разгулялася другая хваля каронавірусу, лідскія літаратары сабраліся, каб абмеркаваць свой зборнік.

Напачатку прадстаўніца Лідскага музея Наталля Валынец ад імя дырэктара ўручыла галоўнаму рэдактару зборніка Станіславу Судніку грамату Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук “за актыўную дзейнасць па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны Лідчыны”. Гэтай граматай Станіслаў Суднік, як рэдактар часопіса “Лідскі летапісец”, быў узнагароджаны 18 верасня 2020 года.

На прэзентацыі зборніка прысутнічалі тры сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў: Уладзімір Васько, Леанід Лаўрэш і Станіслаў Суднік, а таксама многія аўтары зборніка. Шмат было проста зацікаўленых літаратурай людзей. Вёў імпрэзу навуковы супрацоўнік Лідскага музея Алесь Хітрун.

На 464 старонках зборніка надрукавана шмат цікавых і таленавітых твораў. Асаблівую цікавасць выклікае раздзел “Эпас”, які ўтрымлівае беларускамоўную паэму Вільгельма Пратасэвіча “Суседчык гавейскі” і глыбокі аналіз яе Юрася Пацюпы, паэму Вітольда Пілецкага “Сукурчы” ў перакладзе на беларускую мову Станіслава Судніка, паэму Васіля Струменя “Забастоўка” з аналізам Алеся Хітруна, паэму Ганаэфы Міхаловіч “Святая праўда пра ўсё жыццё на роднай мове, як размаўляем у вёсцы Біскупцы…”. У зборніку друкуецца таксама паэзія, пераклады, проза, драматургія, успаміны і іншыя.

Наступны дзясяты зборнік “Ад лідскіх муроў”  лідчане плануюць выдаць у канцы 2021 года.

 

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда

Фота аўтара