У Лідзе заснавалі літаратурную прэмію імя Валянціна Таўлая
У Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы на чарговым пасяджэнні літаб’яднання “Суквецце” пры “Лідскай газеце” абвешчана “Палажэнне аб літаратурнай прэміі імя Валянціна Таўлая за лепшы патрыятычны твор”.

Рашэнне аб заснаванні прэміі было прынята яшчэ вясной сёлета. Інфармацыя да грамадскасці была даведзена 15 верасня падчас свята Лідскай кнігі і друку. І вось цяпер даведзенае “Палажэнне…” ужо ўзгодненае з усімі зацікаўленымі бакамі.
Прэмія будзе ўручацца ў трох намінацыях: „Паэзія”, „Проза”, „Літаратура на беларускай мове”. Апошняя намінацыя мусіць падкрэсліць асаблівую ўвагу арганізатараў да развіцця патрыятычнай складовай менавіта ў беларускамоўнай літаратуры Лідчыны. Гэта не значыць, што ў намінацыях “Паэзія” і “Проза” не можа перамагчы беларускамоўны твор, зусім наадварот.
Прэмія засноўваецца з мэтай кансалідацыі грамадскасці вакол ідэй патрыятызму і адзінства ўсяго народа Беларусі, падтрымкі літаратурнага працэсу на Лідчыне, захавання духоўна-маральных, творчых і прафесійных традыцый лідскай літаратуры, іх развіцця і перадачы новым пакаленням паэтаў і празаікаў.
Прэмія скіравана на ўшанаванне асобы паэта Валянціна Таўлая як нязломнага змагара за ўз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі, за нацыянальнае адзінства беларускага народа.А задачай прэміі з’яўляецца пошук таленавітых аўтараў і папулярызацыя нацыянальна-патрыятычных тэндэнцый у іх творчасці.
Конкурс на атрыманне прэміі праводзіцца пры садзейнічанні: Лідскага райвыканкама, дзяржаўнай установы „Лідскі гісторыка-мастацкі музей” (аб’ект Дом Валянціна Таўлая), літаратурнага аб’яднання „Суквецце” пры рэдакцыі „Лідскай газеты і дзяржаўнай установы культуры „Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы”.
Беларускае Радыё Рацыя
