У Лідзе з’явіўся банер з выявай Янкі Купалы



На сцяне будынка Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы з’явіўся банер з народным паэтам Беларусі Янкам Купалам. Памер банера 6х3 метры. На банеры ёсць партрэт песняра з кнігай у руках і радкі, адрасаваныя Лідзе: “Удзячны Вам, Ліда. Ваш І.Д.Луцэвіч”.

І цяпер тысячы лідчан і гасцей горада штодня будуць вітацца з Янкам Купалам. Дарэчы, песняр беларускага народа, некалькі разоў наведаў Ліду. 

Яшчэ ў далёкім 1909 годзе з Вільні праз Ліду Іван Луцэвіч праязджаў у маёнтак Бенін Наваградскага павета па рэкамендацыі Барыса Даніловіча – беларускага грамадска-культурнага дзеяча, які быў уладальнікам прыватнай бібліятэкі “Веды”, што існавала ў Вільні ў 1904-1914, 1919-1923 гадах. Тут Купала атрымаў тады месца эканома.

Другая сустрэча Янкі Купалы з Лідай адбылася ўжо пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР. Для гэтага паспрыялі самі жыхары горада Ліды. 15 лютага 1940 года рабочыя і службоўцы Лідскага чыгуначнага вузла на сваім першым перадвыбарным сходзе, а пасля – уся працоўная Лідчына, вырашылі вылучыць Янку Купалу кандыдатам у дэпутаты Вярхаўнага Савета БССР і прасіць яго даць згоду балаціравацца па Лідскай-Слабадской выбарчай акрузе № 306 Беларускай ССР.

З гэтай нагоды ў раённай газеце “Уперад” 23 лютага з’явілася кароткае пісьмо-тэлеграма на адрас лідчан. У той публікацыі пісьменнік выказаў сардэчную падзяку выбаршчыкам за аказаны яму высокі гонар і паведаміў аб сваёй згодзе балатавацца па названай акрузе. Далей Іван Дамінікавіч адзначыў, што не мог прыехаць у Ліду, бо знаходзіўся ў Кіславодску, і інфармаваў чытачоў, што прыедзе праз некалькі дзён, аб чым дасць тэлеграму.

Праз месяц, 13 сакавіка 1940 года Янка Купала наведвае Ліду: прыязджае на сустрэчу з выбаршчыкамі. Разам з ім прыехалі з Менска пісьменнікі Пятро Глебка, Алесь Кучар, Зэлік Аксельрод. Спыніліся госці ў гасцініцы па вуліцы Сувальскай (цяпер вуліца Савецкая) у былым гатэлі “Брыстоль”.

Беларускае Радыё Рацыя