У Любліне ўшанавалі расстраляных літаратараў
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Менску ў гісторыі Беларусі адбылася надзвычай трагічная падзея. Было расстраляна больш за сто чалавек беларускай інтэлектуальнай эліты, сярод іх – пісьменнікі, паэты, крытыкі. Апошнія гады ў Курапатах у Менску ў гэты вечар адбывалася Ноч расстраляных паэтаў. 29 кастрычніка ўшанавальныя мерапрыемствы прайшлі ў розных гарадах Еўропы. У Любліне беларусы таксама сабраліся, каб ушанаваць памяць паэтаў і пісьменнікаў. Якраз беларусы Любліна адкрываюць курсы беларускай мовы „На зэдліку”. У праграме плануюцца: размоўная практыка, знаёмства з беларускай культурай, гісторыяй і сучаснасцю. Будуць ладзіцца сустрэчы з беларускімі творцамі. І сама галоўнае – сустрэчы і размовы беларусаў з беларусамі. Для зацікаўленых дадатковы бонус – вывучэнне польскай мовы.
Вечарына 29 кастрычніка праводзілася ў цэнтры горада ў будынку «Warsztaty Kultury» па адрасе Grodzka 5. На спатканні былі як дарослыя, так і дзеці, і канешне моладзь. На сустрэчы можна было не толькі ўшанаваць памяць рэпрэсаваных паэтаў і пісьменнікаў, але і пазнаёміцца з новымі людзьмі з розных куткоў Беларусі.
Галоўнай арганізатаркай курсаў выступіла Ірына Лаппо, «Warsztaty Kultury» выдзелілі залю. А вядомая паэтка і перакладчыца Наталля Русецкая вяла вечарыну, узгадвала імены рэпрэсаваных пісьменнікаў, расказвала пра іх жыццёвы лёс, распавядала пра страшную падзею, якая адбылася ў тую ноч, чытала вершы.



Выявілі жаданне прачытаць вершы таксама і іншыя удзельнікі сустрэчы. Прагучалі творы Юлія Таўбіна, Алеся Дудара, Тодара Кляшторнага, Міхася Чарота і іншых.





Потым усе прысутныя скіраваліся разам на старыя гарадскія могілкі па вуліцы Ліповай. Напярэдадні Дзядоў былі ўскладзены знічы і кветкі да магілаў Аляксандра Юзэфовіча і Генрыка Вярцінскага, да магілы паўстанцаў 1863 года.


Наступнае паседжанне люблінскага моўнага клубу «На зэдліку» пройдзе ў суботу 6 лістапада, пачатак а 12-й гадзіне.
Беларускае Радыё Рацыя, Люблін
