У лютым 1918 да ўлады ў Менску прыйшлі беларусы
21 лютага 1918 года была абвешчана Першая Устаўная Грамата Выканкама Рады Першага Усебеларускага З’езда, якая заклікала народ Беларусі “здзейсніць сваё поўнае права на самавызначэнне”.
Распавядае гісторык Алесь Смaлянчук:
– 19-га аформілася беларуская камендатура ў Менску, разам з ёй паўстала польская камендатура. 20-га ўлада ў Менску перайшла ў рукі супольнай польска-беларускай камендатуры. Беларускай кіраваў Кастусь Езавітаў. Такі кароткі, яркі эпізод, калі беларусы да нейкай улады ў Менску прыходзяць. 21-га ў Менск уступаюць немцы. Немцы спачатку не прызнаюць ніякага беларускага ўраду, забіраюць касу, скідваюць сцяг, выганяюць з Дома губернатара. Потым немцы шукаючы нейкіх партнёраў урэшце прызнаюць Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, абвяшчаецца Першая Устаўная Грамата.
Абвяшчэнню Першай Устаўной Граматы папярэднічалі гарачыя спрэчкі паміж адэптамі аўтаноміі ў складзе Расеі і перакананымі незалежнікамі.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск