У Магілёве ўшанавалі памяць Валянціна Ермаловіча
У Магілёве адкрылі мемарыяльную шыльду, прысвечаную Валянціну Ермаловічу.
У пятніцу, 4 верасня, педагогу, тэатральнаму рэжысёру, заслужанаму дзеячу культуры Беларусі, які стаяў ля вытокаў адраджэнскага руху на Магілёўшчыне, Валянціну Ермаловічу (1925-2004) у Магілёве на доме, дзе ён жыў, на Першамайскай вуліцы адкрылі мемарыяльную шыльду.
Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел каля сотні чалавек. Урачыстасць распачаў намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Андрэй Кунцэвіч. Пра Валянціна Ермаловіча шчыра прыгадвалі гісторык Ігар Пушкін, унук Валянціна Ермаловіча Зміцер Ермаловіч-Дашчынскі, рэжысёр Алег Загароўскі і іншыя асобы. Яны і адкрылі ўрачыста мемарыяльную шыльду, якую зрабіў скульптар Уладзімір Конанаў. Дарэчы, на мемарыяльную шыльду грошы жыхары Магілёўшчыны збіралі талакой. Ахвяравалі сродкі на шыльду каля 500 чалавек.
Валянцін Ермаловіч усё пасляваеннае жыццё пражыў у Магілёве. Ён скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, быў акцёрам Пінскага (1950-1954) і Магілёўскага (1954-1956) абласных драматычных тэатраў, выкладчыкам Магілёўскага вучылішча культуры (1956-1985). Адначасова кіраваў Магілёўскім народным тэатрам Палаца культуры завода штучнага валакна (1961-1969), тэатральным калектывам медыцынскіх работнікаў Магілёўскай абласной псіхіятрычнай бальніцы (1971-1977), Краснапольскім народным тэатрам (1978-1992), рэжысёрам Бялыніцкага народнага тэатра юнага гледача (1993-1998), а з 1992 года быў кіраўніком народнага тэатра “Валянцін” Магілёўскага гарадскога Цэнтра культуры і вольнага часу. Валянцін Ермаловіч шчыра любіў Беларусь, усё жыццё размаўляў толькі на роднай мове. Калі яго родны брат Мікола Ермаловіч сваё жыццё звязаў з гісторыяй Беларусі, то Валянцін Ермаловіч – з тэатральным мастацтвам.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Магілёў