У Магілёве ўстаноўлены макет гарадскога замка



Макет магілёўскага замчышча ўсталяваны 4 жніўня ў парку імя Горкага.

Як паведаміла ініцыятарка стварэння макета магілёўская журналістка Алена Барысава, паменшаная бронзавая копія магілёўскага замка на ўзвышшы створаная на аснове вопісу пачатку XVII стагоддзя. „Макет ў пластыліне быў прадстаўлены на канферэнцыі па гісторыі Магілёва, якая была ў маі. Там былі ўдакладненні ад гісторыкаў, але за аснову ўзялі тое адзінае, што ёсць, — вопіс 1604 года”, — сказала Барысава.

Паводле яе слоў, упершыню ідэя ўстаноўкі паменшаных копій гістарычных аб`ектаў была выказаная ёю на адным з „Кірмашоў праектаў”, якія некалькі гадоў таму правяла кампанія „Будзьма беларусамі!” сумесна з магілёўскім Цэнтрам гарадскіх ініцыятыў. Тады Барысава прапанавала стварыць і ўсталяваць макеты магілёўскага замчышча, Школішча, розных культавых збудаванняў, якіх ужо няма ў горадзе. Усяго планавалася ўстаноўка пяці макетаў. „Усім спадабалася, але ідэя заглухла, таму што для рэалізацыі былі патрэбныя грошы. Таксама была ідэя пазначыць замчышча па контуры на Замкавай гары. А тут падышло 750-годдзе Магілёва, і было б дарэчы ўспомніць гэтую ідэю”, — адзначыла Барысава.

Са скульптарам Андрэем Вараб`ёвым яны наведалі старшыню Магілёўскага гарвыканкама Уладзіміра Цумарава, які падтрымаў праект. Аднак ад абазначэння контураў замка на мясцовасці — у парку імя Горкага — прыйшлося адмовіцца да правядзення рэканструкцыі гэтай гістарычнай часткі горада, якая запланаваная на наступны год. Грошы на выраб макета былі выдзеленыя з гарадскога бюджэту.

Копія магілёўскага замка стаіць на невысокім валуне. „Як і планавалася, камень усталяваны невялікі, каб да яго магло падысці нават дзіця і павадзіць пальцам, паглядзець. Гэта не гістарычная рэканструкцыя нейкая, гэта проста знак, што тут сапраўды пачынаўся горад, што тут быў замак”, — сказала ініцыятар праекта . Яна выказала надзею, што і астатнія чатыры макеты калі-небудзь з`явяцца на месцах страчаных старажытных будынкаў.

belapan.com

Фота naviny.by