У Магілёве з’явіцца бюст Цішкі Гартнага



У Магілёве ў хуткім часе плануецца ўсталяваць дзве новыя скульптуры і адзін памятны інфармацыйны знак. Пра гэта было абвешчана 13 ліпеня на пасяджэнні горадабудаўнічага савета пры Магілёўскім гарвыканкаме.

У прыватнасці, абмяркоўвалася магчымасць ўстаноўкі бюста літаратара і дзяржаўнага дзеяча БССР Цішкі Гартнага (Зміцер Жылуновіч). Ідэя, вылучаная мясцовымі сацыял-дэмакратамі, раней была падтрымана камісіяй па тапаніміцы і ўвекавечанні гістарычнай і культурнай спадчыны пры Магілёўскім гарвыканкаме.

Прадстаўляючы эскіз памятнага збудавання, сацыял-дэмакрат Ігар Барысаў паведаміў, што яго распрацаваў магілёўскі мастак Васіль Камароў. Таксама ён прадставіў тры магчымыя месцы ўстаноўкі бюста — у цэнтры горада на бульвары Леніна, у раёне вуліцы Сурганава паблізу былой псіхіятрычнай бальніцы, дзе памёр першы прэм’ер савецкай Беларусі, а таксама ў мікрараёне Казіміраўка, дзе будуецца вуліца, якая носіць імя Цішкі Гартнага.

Некаторыя ўдзельнікі пасяджэння выказвалі меркаванне, што ўвекавечыць такую асобу правільней было б помнікам, з чым пагадзіўся Барысаў. Па выніках абмеркавання прынята рашэнне падтрымаць ўсталяванне бюста Цішкі Гартнага на вуліцы, якая носіць яго імя, а таксама разгледзець магчымасць устаноўкі скульптурнай кампазіцыі ў поўны рост на бульвары Леніна пры яго найбліжэйшай рэканструкцыі.

Члены горадабудаўнічага савета абмеркавалі таксама магчымасць ўстаноўкі помніка свяціцелю Георгію Каніскаму, за што актыўна выступае праваслаўная грамадскасць Магілёва. Сёння праваслаўныя актывісты прапанавалі ўсталяваць помнік вышынёй больш за пяць метраў наверсе шмат’яруснай лесвіцы на Подніколлі. Удзельнікі пасяджэння ў большасці крытычна ўспрынялі дадзеную ідэю. Прапанавана разгледзець магчымасць ўстаноўкі помніка Каніскаму на ўзвышшы на правым беразе ракі Дубровенка па вуліцы Лазарэнкі. У выніку ўсе пагадзіліся з тым, што праваслаўныя актывісты прапрацуюць абодва абмеркаваныя сёння варыянты, а горадабудаўнічы савет збярэцца да 6 жніўня — дня памяці свяціцеля, каб да таго часу выпрацаваць канчатковае рашэнне.

Таксама горадабудаўнічы савет разгледзеў пытанне аб усталяванні інфармацыйнага знака каля адміністрацыйнага будынка Магілёўскага інстытута МУС. Як сказаў, прадстаўляючы эскіз збудавання, намеснік начальніка інстытута Дзмітрый Пануждаеў, на памятным знаку будзе размешчана, у прыватнасці, інфармацыя пра тое, што цяперашні Магілёўскі інстытут з’яўляецца найстарэйшай у рэспубліцы навучальнай установай у сістэме МУС.

„Яшчэ ў 2015 годзе звярнулася наша ветэранская арганізацыя з просьбай усталяваць памятны знак або інфармацыйны знак, на якім будзе гаварыцца пра гісторыю нашай навучальнай установы, якой у наступным годзе будзе 65 гадоў”, — сказаў Пануждаеў, адзначыўшы, што ініцыятыва ветэранаў міліцыі была падтрымана афіцэрскім сходам. „Ужо праходзіць добраахвотны збор грашовых сродкаў на будынак гэтага інфармацыйнага знака, які плануецца ўсталяваць у тым ліку ўласнымі сіламі і з добраўпарадкаваннем тэрыторыі”, — паведаміў намеснік начальніка інстытута. Паводле яго слоў, мяркуецца, што кошт знака складзе каля 6 тысяч рублёў.

Члены горадабудаўнічага савета падтрымалі ідэю ўстаноўкі знака каля адміністрацыйнага будынка Магілёўскага інстытута МУС.

belapan.com