У Маладэчне ўшанавалі Арсеня Ліса
У Маладэчанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча адбылася навуковая канферэнцыя “Песня ў спадчыну”, прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння доктара філалагічных навук Арсеня Ліса і гадавіне яго смерці.
Арганізатарам канферэнцыі быў літаратуразнавец з Маладэчна Міхась Казлоўскі.
Падчас канферэнцыі навукоўцы з розных рэгіёнаў Беларусі прачыталі шэраг цікавых дакладаў. Пісьменнік Уладзімір Мароз распавёў пра дакументальнае кіно, да якога меў дачыненне і Арсень Ліс, Яніна Грыневіч – пра фальклор і Арсеня Ліса, Андрэй Вашкевіч – пра асабістыя творчыя ўзаемаадносіны з Арсенем Лісам, Людка Сільнова – пра электронны каталог твораў Арсеня Ліса ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Валеры Бурэнь – пра вяртанне Арсенем Лісам спадчыны мастака Язэпа Драздовіча. Пра Арсеня Ліса і яго творчасць распавядалі Міхась Казлоўскі і Андрэй Унучак, а паэт Віктар Шніп прачытаў баладу, прысвечаную Арсеню Лісу.
У гэты дзень усе ўдзельнікі канферэнцыі наведалі магілу Арсеня Ліса ў вёсцы Залессе Смаргонскага раёна і ўсклалі кветкі.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Маладзечна