У Маскве выйдзе „Беларуская мова для замежнікаў”
Падручнік па вывучэнні беларускай мовы для замежнікаў рыхтуецца да выдання ў Маскве.
Антон Сомін
Кніга з-за асаблівасцяў расейскага заканадаўства будзе ўтрымліваць ўзроставы цэнз 16+. Дапаможнік рыхтуе беларускі лінгвіст Антон Сомін, вядомы па заснаванні ў Менску фестывалю моваў пры БДУ.
„Праграма падручніка разлічана на 16 заняткаў па розных тэмах: ад святаў да спорту,” – гаворыць малодшы навуковы супрацоўнік маскоўскай Вышэйшай школы эканомікі Антон Сомін:
– Пасля ёсць лексічная частка, і гэта будзе адзіны, на колькі мне вядома, падручнік беларускай мовы, дзе разглядаецца афіцыйная і класічная норма. То бок там праз слэш напісана, напрыклад, веласіпед і ровар, ці пасольства і амбасада. Для таго, каб кожны мог абраць той варыянт беларускай мовы, які хоча вывучыць. Таксама ёсць граматычныя практыкаванні, каб была грамтыка.
„Таксама з сябрамі запісваем аўдыёверсію дыялогаў, каб мову можна было пачуць”, – дадаў лінгвіст Антон Сомін.
Падручнік „Беларуская мова для замежнікаў” мае выйсці ў верасні гэтага года. Выданне будзе ўтрымліваць шэраг ілюстрацый і аўдыёдадаткаў. Аўдыёверсію беларускі лінгвіст рыхтуе за ўласныя сродкі і на хатнім абсталяванні.
Беларускае Радыё Рацыя