У мастацкім музеі праходзіць выстава «Час і творчасць Льва Бакста»
У Нацыянальным мастацкім музеі пачаў працу арт-праект «Час і творчасць Льва Бакста», прымеркаваны да 150-годдзя славутага мастака.
На выставе прадстаўлены таксама творы мастакоў-сучаснікаў Бакста з музейных, карпаратыўных, прыватных збораў Беларусі, Латвіі, Літвы, Польшчы і Расеі.
Паводле мастацтвазнаўцы Сяргея Харэўскага, у артыкулах пра гэтую падзею мала інфармацыі пра самога Льва Бакста:
— Ніхто не распавёў, колькі часу Бакст правёў у Гародні і дзе ён вучыўся ў Гародні. Шаснаццаць гадоў, скончыў гімназію, і я думаю, гэта зусім нямала. І пачынаў маляваць ён менавіта ў Гародні. Бакст першым адкрыў талент Шагала. Пасля заўчаснай раптоўнай смерці Бакста ў Парыжы, ягоную пасаду, дэкаратара і мастака Дзягілева, заняў яшчэ адзін наш зямляк – Дзмітрый Стэлецкі з Берасця.
Леў Бакст нарадзіўся ў 1866 годзе ў Гародні. Адзін з заснавальнікаў легендарнага аб’яднання «Свет мастацтва» і аднайменнага часопіса. Сусветную славу яму прынесла супрацоўніцтва з балетным імпрэсарыо Сяргеем Дзягілевым.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя