У менскай філармоніі адбыўся канцэрт памяці ахвяраў Халакосту
“Жоўтыя зоркі” – канцэрт памяці ахвяраў Халакосту прайшоў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, што ў Менску. Яго наведалі ў тым ліку і відавочцы тых падзей, якія потым былі названыя “катастрофай еўрапейскага яўрэйства”.
Кажа Леанід Абрамавіч, які мае статус малалетняга вязня:
– Загінула 6 мільёнаў. Славян таксама забівалі. Чаму так балюча перажывае яўрэйскі народ, таму што было запланавана знішчэнне яўрэяў ва ўсім свеце. У мяне падчас вайны загінулі ў Менску ў гета бабуля і дзядуля па бацьку, браты бацькі, бацька быў расстраляны. Мы засталіся ўдваіх з мамай. Калі пачалася вайна мне было месяц і шэсць дзён. І мы былі ў двух гета.
Падзеі Другой Сусветнай вайны і Халакосту паўплывалі на станаўленне сістэмы каштоўнасцяў правоў чалавека, адзначае праваабаронца ПЦ “Вясна” Наталля Сацункевіч:
– Менавіта пасля Другой Сусветнай вайны была заснавана Арганізацыя Аб’яднаных Нацый у тым выглядзе, якая яна ёсць зараз. Былі распрацаваныя і прынятыя аснўныя дакументы, напрыклад, Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. А таксама ў грамадстве задакументавана і пачала развівацца павага да чалавечай годнасці. І прынцып універсальнасці, які кажа, што ўсе людзі роўныя паміж сабой, гэта як бы наша прышчэпка ад магчымага Халакосту ў будучыні.
Міжнародны дзень памяці ахвяраў Халакосту быў зацверджаны Генеральнай Асамблеяй ААН і адзначаецца штогод 27 студзеня.
Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтаркі