У Менску адбудзецца перапахаванне Змітрака Бядулі
Прах вядомага беларускага паэта, празаіка і мовазнаўцы Змітрака Бядулі (Самуіл Яфімавіч Плаўнік) праз 77 год пасля смерці ў эвакуацыі ў гады Другой сусветнай вайны нарэшце вернуты ў Беларусь і будзе ўрачыста перапахаваны на Усходніх могілках горада Менска 3 лістапада.
Падзея сімвалічна прыйшлася на гадавіну 75-годдзя Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Другой сусветнай вайне, а дзень пахавання супаў з датай смерці пісьменніка – 3 лістапада.
Работа па вяртанні праху Змітрака Бядулі на радзіму расцягнулася на доўгія гады. Намаганнямі дзяржавы і грамадскасці завершана неверагоднае кола вяртання на Бацькаўшчыну слаўнага сына беларускай зямлі. Урачыстае перапахаванне Змітрака Бядулі адбываецца дзякуючы арганізацыйнай падтрымцы Міністэрства інфармацыі, Міністэрства культуры, Менскага гарвыканкаму, Фонду імя Марыі Магдалены Радзівіл, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і вялікай колькасці прыхільнікаў таленту беларускага пісьменніка.
Грамадзянскае развітанне з пісьменнікам адбудзецца ў філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры «Беларуская хатка» (вул. Рабкораўская, 19), у доме, дзе ён жыў і працаваў з 1914 па 1918 гады.
Уваход для жадаючых развітацца з вядомым пісьменнікам будзе адкрыты ў дзень пахавання – 3 лістапада 2020 г. з 11.00 да 13.00 гадзін.
Урачыстая цырымонія пахавання Змітрака Бядулі адбудзецца ў 14.00 на Усходніх могілках горада Мінска (сектар 26).
У перапахаванні прыме ўдзел сын класіка – Яфім Самуілавіч Плаўнік, прадстаўнікі дзяржаўных і грамадскіх устаноў Беларусі.
Змітрок Бядуля (Самуіл Яфімавіч Плаўнік), нарадзіўся 23 красавіка 1886 г. у в. Пасадзец Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Разам з Янкам Купалам працаваў у рэспубліканскіх газетах, быў рэдактарам дзіцячага часопіса «Зоркі» і краязнаўчага – «Наш край». Перакладаў з ідыша і ўкраінскай мовы. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 г. Адным з першых у Беларусі быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У пачатку Другой сусветнай вайны памёр (3 лістапада 1941 г.) падчас эвакуацыі з акупаванай Беларусі і быў пахаваны на гарадскіх могілках горада Уральска (Казахстан).
Змітрок Бядуля зрабіў значны ўнёсак у развіццё і станаўленне беларускай літаратуры. Вяртанне яго праху на радзіму з’яўляецца данінай высокай павагі беларускага народа свайму слаўнаму сыну, сімвалам годнасці і павагі да багатай культурнай спадчыны нашай любай Беларусі.
Паводле прэс-рэлізу