У Менску адбудзецца выстава „НЕАФІТ”



Праект мастака Юры Шуста прысвечаны значэнню таямніцы і містэрыі ў жыцці маладых беларусаў. Асноўная відэапраца праекта «НЕАФІТ», заснаваная на аналогіі пошуку папараць-кветкі і „наркатычнай закладкі”, адлюстроўвае групу маладых людзей, якія блукаюць па лесе ў пошуках міфічнага шчасця.

Спалучаючы ў сабе архаічнае і постіндустрыяльнае, актуалізуючы сакральную ідэю ўключэння чалавека ў глабальную сістэму, праект з’яўляецца спробай выяўлення глыбіннай сувязі тэхналогіі і грамадства. У форме абсурднай антыўтапічнай казкі «НЕАФІТ» выкрывае сучасныя формы ўсюдыіснага і ўсёабдымнага кантролю і акцэнтуе жыватворчае імкненне да дэцэнтралізацыі.

Юра Шуст (1983 год, Маладзечна) – мастак, асноўная форма твораў – інсталяцыя, графіка, відэа. Выпускнік Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, Каралеўскай акадэміі мастацтваў і Вышэйшага інстытута мастацтва ў Генце. У сваіх працах акцэнтуе візуальныя коды і маркеры сучаснасці, даследуючы дух часу і магчымыя сцэнары развіцця будучыні.

Адкрыццё 7.11 а 19:00 Рэйв у межах адкрыцця а 21:00 Уваход вольны

Галерэя сучаснага мастацтва Ў