У Менску адбыўся фестываль „Дзяды”,



У Менску адбыўся фестываль „Дзяды”, які быў прысвечаны народнаму святу і сабраў шматлікія фольк-гурты. На сцэне выступілі калектывы „Goryń”, „Miareża”, „Традыцыя”, „DajnavA”, „Астроўна”, а таксама барды Раман Яраш і Яўген Барышнікаў.

Прадстаўнік гурта „Традыцыя” Алесь Вячорка сказаў некалькі словаў пра свой гурт, які выканаў на фэсце песні з пінскага Палесся і з Магілёўшчыны:

– Задумваўся ў першую чаргу, як зберажэнне мужчынскіх традыцыйных песень. У нас атрымалася, што ў калектыве зараз дзве дзяўчыны. Пакуль змешаныя песні , але магчыма будуць песні чыста мужчынскага складу. Галоўнае не тое, што там усе з вялікім досведам, але з жаданнем спяваць, працаваць, шукаць новыя песні. Яшчэ аказваецца не ўсё сабралі, хоць ужо і велічэзныя архівы ёсць і ў СЭТа і ў іншых. 

Спявачка гурта „Goryń” Наталля Ярмалінская распавяла пра тое, якое значэнне мае свята Дзяды для яе сям’і:

– Падкрэсліць нашу традыцыю, менавіта таму мы збіраем песні звязаныя з сям’ёй, з сямейнымі адносінамі. Ёсць і вясёлыя, ёсць і сумныя. Увосень проста трэба часам сесці, сабраць сваіх дзяцей, запаліць свечкі і проста ўзгадаць, магчыма пагартаць старыя фотаздымкі і расказаць нешта пра сваякоў. У мяне чацвёра дзетак гадуецца і яны заўжды пытаюць мяне. Вельмі цікава засвойваць сямейную іерархію, першае калена, другое, трэцяе. Я ім спрабую расказваць.

Фэст „Дзяды” зладзіла Студэнцкае этнаграфічнае таварыства.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск