У Менску адбыўся круглы стол уфолагаў і фалькларыстаў



Ажылыя нябожчыкі, палтэргейст, кантакты з іншапланецянамі… Гэтыя і падобныя да іх з’явы сталі тэмай навуковага абмеркавання на круглым стале, арганізаваным ў Менску беларускімі ўфолагамі і фалькларыстамі. Расказвае супрацоўніца Акадэміі навук Юлія Бажак.

– Я думаю, што ў нас, магчыма, зусім розныя пункты погляду на матэрыял. Але я таксама збіраю матэрыял і для беларускага фальклорнага этналінгвістычнага слоўніка. Мы маем электронны архіў і зараз спрабуем выпусціць гэты слоўнік разам з атласам. І адно з пытанняў: што рабілі ў даўніну, каб не хадзіў нябожчык? Гэта наша сфера інтарэсаў, але, як бачна, уфолагі таксама гэтым зацікавіліся.

Падчас дыскусіі ўфолагі дзялілся практыкай выкарыстання сучаснага абсталявання на месцы знаходжання культавых камянёў, крыніц, храмаў. А фалькларысты тлумачылі міфалагічныя карані некаторых сучасных сведчанняў пра анамальныя з’явы.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота theafterlife.ru