У Менску адкрыецца выстава, прысвечаная сёмаму прэм’ер-міністру Ізраіля
3 траўня ў 11 гадзін у Нацыянальным гістарычным музеі пройдзе прэзентацыя выстаўкі „Іцхак Шамір”, прысвечанай жыццю і дзейнасці сёмага прэм’ер-міністра Дзяржавы Ізраіля, ураджэнца Беларусі Іцхака Шаміра.
– Выставу прадстаўляе Дзяржаўны інстытут спадчыны Менахема Бегіна. Арганізатары выставы – Міжнародны культурна-адукацыйны праект Лімуд СНД пры садзейнічанні Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын і НАТИВ-Ізраільскага культурнага цэнтра пры Пасольстве Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь. Выстава адбудзецца ў рамках Міжнароднай канферэнцыі «Лімуд Беларусь 2019», якая пройдзе ў Мінску з 3 па 5 траўня і збярэ больш як 500 удзельнікаў з 12 краін свету, – распавялі ў Нацыянальным гістарычным музеі.
Іцхак Шамір – знакавая фігура сучаснай гісторыі габрэйскага народа, ізраільскі палітык, сёмы прэм’ер-міністр Дзяржавы Ізраіль, старшыня Кнэсета, ураджэнец мястэчка Ружаны Гарадзенскай вобласці.
У экспазіцыі прадстаўлены вялікі масіў фатаграфій і дакументаў пра ўсе этапы жыцця і дзейнасці Іцхака Шаміра. На адкрыцці выставы чакаецца прысутнасць дзяцей Іцхака Шаміра, а таксама прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, дыпламатычнага корпуса, кіраўнікоў габрэйскіх суполак, творчай інтэлігенцыі.