У Менску адкрылася фотавыстава пра Беласток



А 17 гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Менска адкрылася ўнікальная фотавыстава “Салавейчык-Аўгусціс. Пачатак і канец эпохі”. Яе арганізатары разам з музеем – Таварыства культурнай адукацыі WIDOK, Падляшскі музей у Беластоку ды Польскі Інстытут у Менску. Абодва фотамайстры фатаграфавалі Беласток. Салавейчык сфатаграфаваў яго першым, а Аўгусціс закрыў гэты раздзел у гісторыі горада аж у 1939-ым, напярэдадні Другой сусветнай. Кажа Аляксей Мацюшонак, каардынатар праекта ад Польскага інстытута ў Менску.

– Усе ведаюць, калі скончылася Першая і пачалася Другая сусветная вайна. Гэтыя падзеі звязаны і з Беластокам. Мы даўно вядзём супрацу з Падляшскім музеем у Беластоку. І год таму мелі сумесны польска-беларускі праект Albom.pl, калі навукоўцы і фатографы ездзілі па беларускім і польскім памежжы. На наступны год плануем сталую экспазіцыю Падляшскага музея ў Беластоку. Гэта будзе вялікая выстава, якую мы пакажам у Нацыянальным мастацкім музеі.

Фотавыстава “Салавейчык-Аўгусціс. Пачатак і канец эпохі” будзе працаваць да 8 лістапада штодня ад 11 да 19 гадзіны ў Нацыянальным гістарычным музеі сталіцы.

[Not a valid template]

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара