У Менску адкрылася выстава «Эмі Уайнхаўз: Сямейны партрэт»



У Менску ў Галерэі Савіцкага ўрачыста адкрылася выстава лонданскага габрэйскага музея «Эмі Уайнхаўз: Сямейны партрэт». Арганізатары і памочнікі пры правядзенні выставы — Музей гісторыі Менска, брытанская ды ізраільская амбасады, Інстытут Гётэ і Цэнтр беларуска-габрэйскай культурнай спадчыны.

Род славутай брытанскай спявачкі паходзіць з беларускіх габрэяў. У 1890 годзе прапрадзед Эмі Уайнхаўз перабраўся ў Вялікабрытанію, а дагэтуль род сотні гадоў жыў у Беларусі. Кіраўнік выставаў Габрэйскага музею ў Лондане Дамінік Чахоўскі распавёў, якія экспанаты прадстаўлены ў Менску:

– Гэтыя экспанаты паказваюць толькі яе жыццё ў дзяцінстве. Гэта рэчы з яе маленства, школьных часоў і ранніх гадоў яе дарослага жыцця. Фактычна выстава заканчваецца да таго моманту, калі Эмі стала зоркай сусветнага маштабу. Гэта кружэлкі, якія яна слухала, касцюмы і абутак, у якіх яна пачынала спяваць, школьная форма, фатаграфіі. Мне падаецца істотным паказаць, якой была Эмі ў раннія гады. Гэта якраз тая частка ейнага жыцця, пра якую ведае вельмі мала людзей.

Эмі Уайнхаўз — знакамітая брытанская спявачка, уладальніца шэрагу высокіх узнагарод у Вялікабрытаніі і Еўропе. Памерла ў 2011 годзе ва ўзросце 27 гадоў. Праславілася на ўвесь свет дзякуючы выкананню песень у жанрах рытм-энд-блюз, соўл, джаз. Трапіла ў Кнігу рэкордаў Гінэса па колькасці прэмій «Грэмі».

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск