У Менску адкрылася выстава карцін рок-музыканта Барыса Грабеншчыкова



У Нацыянальным мастацкім музеі 28 студзеня адкрылася выстава жывапісу савецкага і расейскага рок-музыканта, лідара гурту „Акварыум” Барыса Грабеншчыкова пад назвай „Татэмы зімагораў”. Яго карціны ўпершыню экспануюцца ў Беларусі.

„Я вельмі люблю Беларусь, вельмі люблю Мінск. Для мяне вялікі гонар прадставіць свае карціны ў вашым нацыянальным музеі”, — адзначыў музыкант на прэс-канферэнцыі перад адкрыццём.

Паводле слоў Грабеншчыкова, мастаком ён сябе не лічыць. „Я пачаў займацца жывапісам, як і музыкай, прыкладна ў адзін і той жа час. Мяне пытаюць, калі ў мяне ёсць магчымасць пісаць карціны. Гэта адбываецца паміж дзвюма гадзінамі ночы і шасцю раніцы, калі я бываю дома”, — сказаў ён.

У НММ прадстаўлена каля 30 палотнаў аўтарства Грабеншчыкова, напісаных у асноўным за апошнія пяць гадоў. Раней выставы яго жывапіснай творчасці праходзілі ў Санкт-Пецярбургу, Маскве, Лондане і Нью-Ёрку.

Жывапіс у творчасці Грабеншчыкова, паводле яго слоў, ніяк не звязаны з музыкай — гэта паралельныя працэсы. „Я не толькі прадаю свае карціны, але і дару іх. Сродкі, атрыманыя ад продажу, укладваю ў запіс сваіх песень. Гэта дазваляе практычна напалову пакрываць выдаткі на музыку”, — адзначыў ён.

На пытанне, што яго натхняе на напісанне карцін, музыкант адказаў: „Наяўнасць фарбаў і палатна”. „Як у маці не можа быць любімага дзіцяці, так і ў мяне няма любімых карцін. Я іх усе люблю па-свойму”, — заявіў Грабеншчыкоў.

Выстава работ рок-музыканта будзе працаваць у НММ да 10 сакавіка.

belapan.by