У Менску адкрылася выстава мастакоў Кобрыншчыны
Творчая выстава мастакоў Кобрыншчыны адкрылася на днях у сталічнай галерэі імя Л. Шчамялёва. У выставачнай залі ў асноўным сабраныя работы кобрынскай мастацкай сябрыны “Дэвайтыс”. Супольнасць мастакоў утварылася ў 2010 годзе. Цяпер жа “Кобрынская палітра” прапануе наведвальнікам ацаніць работы больш чым 20 аўтараў з Кобрына і Берасця.
– Між іншым, ідэя стварэння таварыства мастакоў узнікла нечакана. Сыходзячы са слоў яго кіраўніцы, галерысткі і мастачкі Валянціны Шахалевіч, пачалося ўсё з пленэра мастакоў, які праходзіў у вёсцы Грушава Кобрынскага раёна. Вёска з’яўляецца другой радзімай вядомай польскай пісьменніцы Марыі Радзевіч. У Грушаве да нашых дзён захаваўся пяцісотгадовы дуб “Дэвайтыс”, апеты ў аднайменнай аповесці пісьменніцы. Адсюль становіцца відавочным паходжанне назвы творчага аб’яднання.
Наведаць выставу можна будзе да 9 жніўня бягучага года.
Ярына Троiцкая, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: К. Шастоўскага