У Менску адкрылася выстава ў гонар Луцкевіча



Памяць аднаго з бацькоў БНР – Івана Луцкевіча ўганаравалі ў менскім музеі Янкі Купалы выставай “У народ і край свой толькі веру”, якая прымеркаваная да сотай гадавіны з дня смерці палітыка і культурнага дзеяча.

Кажа навуковы супрацоўнік музею Павел Каралёў:

– Адкрыццё выставы “У народ і край свой толькі веру” прысвечана стагоддзю з дня смерці Івана Луцкевіча, вядомага археолага, палітыка, грамадскага дзеяча. Чалавек, які фактычна паклаў усё сваё жыццё на адраджэнне нашай Бацькаўшчыны. Чалавек, які памёр у Закапанэ сто год назад. Музеем Янкі Купалы сабраныя памяткі з розных трох музейных устаноў: з музею Купалы, з Музею-архіва беларускіх літаратуры і мастацтва, з віленскага Музею імя Івана Луцкевіча.

Памяць Івана Луцкевіча — аднаго з бацькоў-заснавальнікаў БНР, была ўшанавана ў гадавіну яго смерці яшчэ і асвячэннем памятнага каменю на месцы гарадской родавай сядзібы, а таксама імшой-памінаннем у касцёле Святога Роха на Залатой Горцы.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск