У Менску адкрыліся «Джазавыя суботы ля Ратушы»



Да ночы ў суботу на менскім пляцы Свабоды пад адкрытым небам адбываўся сумесны канцэрт знакамітых польскіх музыкаў Мечыслава Шчэсняка ды трыа Кшыштафа Хэрдзіна, амерыканскага музыкі індыйскага паходжання Сача Уасандані, ды беларускага гурта «Applе tea». Яны выступілі ў рамках фестывалю «Джазавыя суботы ля Ратушы». Арганізатарамі ды фундатарамі з’яўляюцца Менгарвыканкам, міжнародны фонд «Ідэя» ды банк БелВЭБ. Дапамаглі Польскі інстытут у Менску, нямецкі інстытут Гётэ, амбасады Польшчы, Даніі, Італіі. Румыніі і ЗША.

 Пахмурнае неба, дождж, а перад сцэнай сабралася больш за тысячу фанаў. Мечыслаў Шчэсняк пад апладысменты нават працытаваў Пушкіна: «Буря мглою небо кроет вихри снежные крутя». Гучалі класічныя джазавыя тэмы. А таксама cover-праграма з любімых усімі, але ў новай інтэрпрэтацыі, са змененым характарам і гармоніяй кампазіцыямі The Beatltz, Rolling Stones, Біла Уізерса, Дэвіда Боўі, Эрыка Клэптана, Стыві Уандэра, Берта Бакарака.

Вядомы музычны крытык Зміцер Падбярэзскі пракаментаваў, што гэта адна з найвялікшых культурных падзей года, што ўжо па ўзроўні музыкаў выводзіць Менск як роўную сярод роўных еўрапейскіх сталіц.

«Джазавыя суботы ля Ратушы» праводзяцца чацвёрты год і збіраюць пры спрыяльным надвор’і да 10 тысяч публікі. Канцэрты праходзяць штотыдзень цягам месяца. І ў наступную суботу гледачоў чакае сустрэча з джаз-бэндам ваенна-паветраных сіл ЗША.

[Not a valid template]

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара