У Менску адзначаць дзень народзінаў Фрыдэрыка Шапэна
Выдатнаму кампазітару і піяністу Фрыдэрыку Шапэну ў 2018 годзе споўнілася б 208 год. Па адных звестках ён нарадзіўся 22 лютага, па іншых – 1 сакавіка 1810 года. Штогод з канца лютага да пачатку сакавіка ў розных краінах свету адбываюцца шматлікія мерапрыемствы, прысвечаныя творчасці гэтай вялікай асобы ў гісторыі польскай і сусветнай культуры.
Святкаванне Дня Нараджэння Фрыдэрыка Шапэна з Польскім Інстытутам у Менску стала ўжо добрай традыцыяй. Арганізатары імкнуцца не толькі ўшанаваць памяць выдатнага кампазітара, але і данесці да слухачоў панадчасовую сутнасць яго творчасці.
Сёлета паслухаць музыку кампазітара, а таксама паўдзельнічаць у цікавых акцыях святочнай праграмы можна будзе ў нядзелю 25 лютага ў гандлёва-забаўляльным цэнтры DANA MALL. Выканаўцы будуць іграць вальсы, паланэзы, мазуркі і накцюрны Шапэна не толькі на сапраўдным канцэртным раялі, але і на разнастайных ударных інструментах.
У праграме мерапрыемства:
– Выступленне піяніста-віртуоза, лаўрэата міжнародных конкурсаў
КІРЫЛА КЕДУКА
– Выступленне ансамбля ўдарных інструментаў „MINSK PERCUSSION CLASSIC”
– Выступленне вучняў Дзіцячай музычнай школы мастацтваў №3
імя Ф. Шапэна г. Мінска
– Конкурсы, віктарыны і сюрпрызы ад арганізатараў
– Салодкі пачастунак
Уваход вольны.
Беларускае Радыё Рацыя