У Менску пачала працу XXIV міжнародная кніжная выстава-кірмаш (абноўлена)
Міжнародная кніжная выстава, якая пачала працу ў Менску, – гэта не толькі распродаж кніжак выдаўцамі. Але яшчэ і культурныя праграмы, культурны абмен паміж краінамі, прэзентацыі выданняў. Гаворыць дырэктар дзяржаўнага выдавецтва “Мастацкая літаратура” Алесь Бадак:
– Прыехалі замежныя госці, яны будуць разам з беларускімі пісьменнікамі і паэтамі чытаць і ўласныя творы, і знакаміты твор Францыска Скарыны пра звяроў і птушак, родную зямлю ў перакладзе на мовы таго народа, да якога яны маюць самае непасрэднае дачыненне, прадстаўнікамі якога з’яўляюцца.
Міжнародная кніжная выстава ў Менску змяніла свой традыцыйны, максімальны даступны для аматараў папяровых кніг адрас. Цяпер, каб да яе дабрацца, трэба праехаць ад станцыі метро “Няміга” пяць прыпынкаў наземным транспартам. Аднак, нягледзячы на гэта, наведвальнікаў пабольшала ў параўнанні з мінулымі гадамі.
* * *
У сталічным павільёне БелЭкспа адкрылася XXIV Менская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Яна працягнецца да 12 лютага і ў ёй бяруць удзел прадстаўнікі 31 краіны. Адмыслова да гэтай падзеі беларускія выдавецтвы падрыхтавалі свае кніжныя навінкі.
11 лютага ў 13:30 на кірмашы адбудзецца прэзентацыя беларускамоўнага перакладу казкі Льюіса Кэрала «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса». Кажа выдавец кнігі, дырэктар выдавецтва “Галіяфы” Зміцер Вішнёў:
– Гэта кніга, якую мы рыхтавалі некалькі гадоў. Яе афармляла Кацярына Дубовік, перакладала Вера Бурлак.
Прэзентацыя адбудзецца пры падтрымцы Амбасады Вялікабрытаніі ў Менску.
Выдавецтва “Янушкевіч” да гэтай падзеі выдала цэлы шэраг навінак – кнігі Фларыяна Чарнышэвіча “Надбярэзінцы”, Кнута Гамсуна “Голад”, Людмілы Рублеўскай “Дагератып”, а таксама ў папяровым выглядзе выйшла кніга Уладзіміра Садоўскага “1813”.
– Вырашылі выдаць гэтую аповесць пра зомбі-мерцвякоў, з якімі змагаецца Міхал Клеафас Агінскі, на паперы. На Менскай міжнароднай кніжнай выставе яна ўжо будзе прадавацца.
А ў выдавецтве часопіса “Архэ” выйшаў з друку ўнікальны першы том збору твораў гісторыка Мікалая Улашчыка. У 1360-старонкавым томе — працы па археаграфii i крынiцазнаўстве. Кажа адзін з укладальнікаў кнігі, гісторык Аляксандр Пашкевіч.
– Упершыню мы на людзі выйдзем з гэтай кніжкай на кніжнай выставе-кірмашы ў Менску, дзе яна ўпершыню так шырока будзе прадстаўлена.
Выдавецтва “Мастацкая літаратура” таксама падрыхтавала да выставы ўнікальную кнігу – зборнік Алеся Разанава “Маем найбольшае самі: кніга перастварэння”. У кнізе пераствораныя на сучасную беларускую мову прадмовы Францыска Скарыны да кніг Бібліі.
Галоўныя тэмы сёлетняй выставы-кірмашу – 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, юбілеі класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа і Янкі Купалы.
* * *
Для большасці наведвальнікаў кніжная выстава, найперш, магчымасць пазнаёміцца з навінкамі і купіць кніжку па мінімальным кошце. У выдаўцоў іншы погляд. Сваімі ўражаннямі з адкрыцця XIV міжнароднай кніжнай выставы ў Менску дзеліцца дырэктар выдавецтва “Галіяфы” Зміцер Вішнёў:
– Мне здаецца, гэта зусім з іншай вобласці. Нашая кніжная выстава гэта хутчэй сапраўды кірмаш. У Заходняй Еўропе ідзе продаж не кніжак, а аўтарскіх правой на кніжкі. У нас, на жаль, няма арт-рынку, у нас няма рынку аўтарскіх правоў. Таму параўноўваць нашую выставу з замежнымі, гэта будзе не правільна, таму што ў нас аўтарскія правы на кнігі тут не прадаюцца, таму гэта проста зусім другі фармат.
З пункту гледжання прадстаўнічасці, разнастайнасці выбару, афармлення, колькасці наведвальнікаў Менская выстава выглядае не горшай за іншыя еўрапейскія мерапрыемствы. Аднак, інфармацыйнае суправаджэнне слабое. Няма ўласнага сайту, не раздрукаваныя і праграмы падзей.
Максім Каўняровіч, Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя