У Менску падсумавалі археалагічныя адкрыцці мінулага года
У Менску завершыла працу навуковая канферэнцыя, прысвечаная археалагічным адкрыццям мінулага палявога сезона. Пра яе расказвае намеснік дырэктара Цэнтру даследаванняў беларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук – Сяргей Віцязь:
– Гэта чарговая, ужо 76-я, канферэнцыя па выніках археалагічных даследаванняў на тэрыторыі Беларусі па выніках 2015 года. Абмяркоўваліся некаторыя абагульняючыя работы, і таксама перспектывы будучых даследаванняў. У маім дакладзе гаварылася аб перспектыўных тэхналогіях, якія пачалі засвойвацца і ў нашым Цэнтры даследавання беларускай культуры, мовы, літаратуры і ў Інстытуце гісторыі ў сумесных работах па вывучэнні помнікаў археалогіі і іншых гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
Праца канферэнцыі праходзіла ў дзвюх секцыях. Сярод дакладчыкаў былі не толькі беларускія гісторыкі і навукоўцы, але і іх замежныя калегі.
* * *
У Нацыянальнай акадэміі навук распачала працу штогадовая навуковая канферэнцыя, прысвечаная археалагічным адкрыццям мінулага года. Пра яе нашаму карэспандэнту расказаў намеснік дырэктара Інстытута гісторыі Вадзім Лакіза:
– Гэта штогадовая канферэнцыя па выніках археалагічных даследаванняў мінулага палявога сезону. Мы штогод праводзім такія канферэнцыі. Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі як галаўная навуковая арганізацыя па выкананні дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў займаецца арганізацыяй, кантролем, каардынацыяй усіх археалагічных даследаванняў на тэрыторыі Беларусі – фундаментальных і выратавальных.
Традыцыя правядзення археалагічных канферэнцый у Беларусі даўняя. Першая адбылася яшчэ ў даваенны час. Сёлетняя – семдзесят шостая па ліку.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота БелТА