У Менску паказалі спектакль паводле «Споведзі» Ларысы Геніюш
У Тэатры юнага гледача ў межах праекта «Сустрэча з класікамі і сучаснікамі» прайшоў спектакль «Калі прачнецца Бог…» паводле кнігі Ларысы Геніюш.
«Калі прачнецца Бог…» і ўзварушыцца сумленне, што рабіцьмуць абыякавыя і бязлітасныя? — перапытвае Ларыса Геніюш, аддаўшы «..жыццё сваё змаганню і цярпенню за свой народ».
Яе «Споведзь» — шчыры аповед пра тое, як жылося беларускаму народу, пра савецкія вязніцы і лагеры, яе жыццё ў эміграцыі.
Ларыса Антонаўна Геніюш — беларуская паэтка, пісьменніца, дзяячка нацыянальнага руху. Была прызначаная Генеральным сакратаром Урада Беларускай Народнай Рэспублікі ў эміграцыі. Яна захоўвала і парадкавала архіў БНР, частку архіва Ларыса пераправіла ў недасяжнае для органаў НКУС і МДБ месца, за што яе пасля катавалі, каб атрымаць звесткі пра гэты архіў. У 1948 годзе ў Чэхіі яе і мужа Янку арыштоўвае МДБ, паэтка зноў перажывае катаванні. Пасля яна аказваецца ў турме ў Мінску, кожнаму пагражае да 25 гадоў пазбаўлення волі. Нягледзячы на цяжкi лёс, нават у лагерах яна паказвала прыклад фенаменальнай духоўнай трываласці.
Пасля прагляду спектаклю людзі ўсталі і апладысментамі дзякавалі акцёрскаму складу.