У Менску прайшла экскурсія па раманах Людмілы Рублеўскай
Штогадовы фестываль “Горад і кнігі” распачаўся літаратурнай экскурсіяй “Менск авантурны” паводле гістарычных раманаў Людмілы Рублеўскай “Авантуры Пранціша Вырвіча”. Распавядае супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Мікіта Моніч:
– Ужо чарговы год адбываецца фестываль “Горад і кнігі”. І гэтым разам вырашылі зрабіць такую інтэрактыўную форму – экскурсіі па цэнтры горада, па месцах, якія больш-менш звязаныя з цыклам раманаў шаноўнай спадарыні Рублеўскай пра Пранціша Вырвіча. Набралі пэўных такіх цікавостак і аб’ядналі ўсё маімі расповедамі трошачкі пра гісторыю, трошачкі пра літаратуру.
Удзельнікі экскурсіі не толькі слухалі экскурсавода і аглядалі архітэктуру Старога Менска. Часам перад імі ажывалі сцэны прыгодніцкага рамана ў выкананні артыстаў “Майстэрні ўражанняў”.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота аўтара