У Менску прайшоў вечар Арменіі
У Менску адкрыўся праект «Вянок дружбы». У серыях нацыянальных вечароў у літаратурным музеі Максіма Багдановіча сваю культуру будуць паказваць розныя народы, якія пражываюць у Беларусі. Першым быў вечар Арменіі. Актыўны ўдзел у вечарыне ўзялі выхаванцы аднадзённай армянскай школы. Кажа яе настаўніца Гаянэ Агаджанян:
– Па нядзелях дзеці прыходзяць у школу. Гэта на базе чацвёртай школы Менска. Мы арэндуем там класы. Прыходзяць і вывучаюць армянскую мову, танец, песню. Ва ўсіх мерапрыемствах, якія арганізуе дыяспара, мы ўдзельнічаем. Мы паказалі падчас гэтай вечарыны частку нашай культуры, што дзеці, якія жывуць у Беларусі, таксама маюць да гэтага дачыненне.
Армянскае свята ў музеі ў цэнтры беларускай сталіцы адбылося нездарма 7-га красавіка: у гэты дзень у Арменіі святкуецца Дзень мацярынства і прыгажосці. А ўвесь 2019 год у армянаў праходзіць пад знакам 150-годдзя вядомага пісьменніка Аванэса Туманяна, вершы якога таксама чыталіся на вечарыне.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота аўтара