У Менску прайшоў вечар памяці Генадзя Бураўкіна
У Менску адбылася прэзентацыя кнігі ўспамінаў пра паэта Генадзя Бураўкіна «Перадусім Беларусь: згадваючы Генадзя Бураўкіна», у якой сабраныя гутаркі, успаміны, эсэ, дзённікі і прысвячэнні.
У кнізе – ўспаміны Зянона Пазьняка, Святланы Алексіевіч, Уладзіміра Арлова ды іншых асобаў. Укладальнікам выступіў журналіст і даследчык Сяргей Шапран.
Мерапрыемства адбылося ў перапоўненай залі Літаратурнага музея імя Максіма Багдановіча. Кажа адзін з удзельнікаў, Уладзімір Някляеў:
— Вось ён зрабіў гэтую кнігу. Сёння ў нас такі час, што кожны цягне воз, на якім сядзіць, сам. Сам конь, сам воз і ён сам на тым возе. Кніга ўспамінаў пра Бураўкіна выйшла на дзіва шчырай і на дзіва праўдзівай. Там мала пампезнасці, якая звычайна бывае ў мемуарах.
Прэзентацыя праходзіла ў суправаджэнні песен на словы Генадзя Бураўкіна ў выкананні музыкі Змітра Вайцюшкевіча. Кніга «Перадусім Беларусь. Згадваючы Генадзя Бураўкіна» выйшла ў серыі “Кнігарня Пісьменніка”. Неўзабаве выданне з’явіцца на паліцах кнігарняў.
Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: lit-bel.org