У Менску прайшоў адборавы канцэрт фестывалю «Бардаўская восень 2014» (абноўлена)



Свае творы і таленты прадставілі каля сарака выканаўцаў. Журы вылучыла  найлепшых, якія выступяць на сцэне Бельскага дома культуры. Каардынатар фестывалю «Бардаўская восень» у Беларусі і сябра журы адборавага конкурсу  Алесь КотЗайцаў адзначае высокі узровень сёлетніх  выканаўцаў:

– У гэтым годзе мы атрымалі рэкордную колькасць заявак. Узровень выканаўцаў таксама расце. Журы было вельмі няпроста выбраць лепшых, бо былі досыць моцныя выканаўцы, не пачаткоўцы, а блізкія да прафесійных музыкаў канкурсанты. 

Канцэрт доўжыўся каля пяці гадзін. Па выніку журы, куды ўвайшлі Алесь Камоцкі, Міхал Анемпадыстаў, Сяргей Будкін, Алег Хаменка, Кася Камоцкая, назвала тых, хто паедзе ў польскі Бельск 25 кастрычніка змагацца за галоўны прыз фестывалю.

У лік удзельнікаў конкурсу 21-га фестывалю «Бардаўская восень» трапілі: Сяргей Башлыкевiч, Лiзавета Леўчык, Алёна Варона, Валерыя Мельнiк, гурт «Гарадскi Вал», гурт «Мiп-бэнд», Змiцер Вiнаградаў, Мiкiта Найдзёнаў. Яшчэ аднаго канкурсанта назвалі гледачы – гэта Таццяна Тутэйшая. У якасці рэзервовага канкурсанту будзе Тоня Вярцінская.

* * *

Адборавы канцэрт фестываля «Бардаўская восень 2014» праходзіць сёння ў Менску. Летась фестываль святкаваў 20-гадовы юбілей, і конкурсная праграма не праводзілася. Таму сёлета колькасць жадаючых стаць канкурсантамі і прыехаць на фінал у Бельск-Падляшскі павялічылася, кажа адзін з арганізатараў фестывалю «Бардаўская восень 2014» Алесь Кот-Зайцаў:

– У гэтым годзе досыць насычаны адборачны канцэрт, вельмі шмат удзельнікаў – каля 40 заявак было пададзена. Усе яны будуць прымаць удзел у адборы, таму журы чакае нялёгкая задача выбраць з 40 тых, хто паедзе прадстаўляць сваю творчасць на фестывалі “Бардаўская восень”. Канцэрт будзе доўгі. Ёсць тыя, хто ўжо  прымаў удзел у фестывалі, ёсць абсалютна новыя імёны і іх больш.

Фестываль, які ў мінулым годзе адсвяткаваў 20-гадовы юбілей, працягвае шукаць новыя імёны і адкрыцці ў беларускай музыцы. За гады існавання «Бардаўская восень» прымала на сваёй сцэне такіх выканаўцаў, як Кася і Алесь Камоцкія, Лявон Вольскі, Аляксандр Памідораў, Зміцер Вайцюшкевіч, Віктар Шалкевіч, праект «Народны альбом» ды іншыя. Між маладых беларускіх музыкаў, імёны якіх сталі вядомымі шырокай публіцы дзякуючы перамогам на фэсце, гурты «BosaeSonca», «Re1ikt», «Нельга забыць»,Таццяна Беланогая, Яўген Барышнікаў ды Паліна Рэспубліка.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота generation.by