У Менску працягваюць затрымліваць музыкантаў



Увечары 4 лістапада пасля вулічнага выступу ў сталічным мікрараёне Сухарава затрыманы трубач Ціматэ Суладзэ. Музыкант паспеў паведаміць на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”, што яго адвезлі ў Фрунзенскае РУУС.

Паводле непацверджанай інфармацыі, Суладзэ, які пражывае ў Менску, мае грузінскае і расійскае грамадзянства.

Суладзэ стаў вядомы ў сацсетках і тэлеграм-каналах пасля таго, як яго ўжо затрымлівалі ў раёне станцыі метро „Кастрычніцкая”, дзе ён граў на вуліцы 10 кастрычніка. У выніку ён быў арыштаваны на 13 сутак па адміністрацыйным артыкуле. Пасля гэтага Суладзэ сталі актыўна запрашаць паўдзельнічаць у дваровых канцэртах.

„Наша Ніва” паведамляе аб верагодным затрыманні членаў групы барабаншчыкаў „Патрабуем разысціся”, якія звычайна ўдзельнічаюць у нядзельных масавых акцыях. У сацсетках былі апублікаваныя фатаграфіі мікрааўтобусаў сілавікоў, якія прыехалі да ўваходу на музычную рэпетыцыйную базу на вул. Ціміразева.

Вечарам 3 лістапада каля ГЦ „Рыга” пасля вулічнага канцэрта былі затрыманыя бас-гітарыст соўл-групы Dee Tree Філіп Петчанка, гітарыст фолк-гурту Vuraj Іван Арцімовіч, музыкант фолк-гурту Irdorath Андрэй Аляксеенка, а таксама літаратары Сяргей Мядзведзеў і Аляксандр Белік. Як стала вядома БелаПАН, разам з імі затрымалі двух мясцовых жыхароў. Адміністрацыйныя справы паводле арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў) у дачыненні да чатырох з іх разглядаліся ў адным з мінскіх судоў 4 лістапада. Усе пратаколы накіраваныя ў міліцыю на дапрацоўку, затрыманыя застаюцца пад вартай.

Як паведамляе праваабарончы цэнтр „Вясна”, 4 лістапада сілавікі на працоўным месцы затрымалі артыстаў Беларускай дзяржаўнай філармоніі харавога спевака Дзяніса Іванова і віяланчэліста Аляксандра Сердзюкова.

Раніцай у блогера з Маладзечна Мінскай вобласці Руслана Кісялёва прайшоў вобшук, які правялі супрацоўнікі ГУБАЗіК, пасля чаго яго адвезлі ў Фрунзенскае РУУС сталіцы. Верагодна, у дачыненні да яго распачатая крымінальная справа, паведамляюць праваабаронцы.

Паводле дадзеных „Вясны”, 4 лістапада ў Мінску і іншых гарадах прайшло не менш за 27 судовых пасяджэнняў па адміністрацыйных справах, звязаных з пратэстамі. Фігуранты пакараныя штрафамі і адміністратыўным арыштам.

belapan.by