У Менску прэзентавалі беларуска-украінскія літаратурныя праекты
У Менску ў амбасадзе Украіны прайшла вечарына, прысвечаная Дням славянскай культуры і пісьменнасці. На ёй быў прэзентаваны беларуска-украінскі альманах “Справа”, які выдае Таварыства ўкраінскай літаратуры пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў.
Пра гэтае выданне расказвае старшыня таварыства пісьменніца Наталка Бабіна:
– “Справа” выдаецца на трох мовах, мы друкуем тэксты па-беларуску, па-украінску і па-руску. Плюс да гэтага мы друкуем тэксты на гаворках. Гэта вельмі цікавы фенамен. У нас на Берасцейшчыне ёсць рэгіёны вельмі цікавых дыялектаў. На Падляшшы ёсць свая, адны кажуць падляшская мова, другія называюць гэта дыялектам. Людзі не хочуць гэта губляць. Маючы магчымасць пісаць па-руску, па-беларуску, яны выбіраюць творчасць на сваім дыялекце. Я ведаю, што тая самая з’ява ёсць і на Падляшшы.
Апроч альманаха “Справа” на вечарыне прайшлі прэзентацыі і іншых беларуска-украінскіх літаратурных праектаў: анталогіі сучаснага беларускага апавядання “Як рыба аб лёд” і рамана Уладзіслава Ахроменкі “Тэорыя змовы” у перакладах на ўкраінскую мову.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя