У Менску прэзентавалі кнігу «1939 год і Беларусь: забытая вайна»



У менскім выдавецтве «Галіяфы» прэзентавалі кнігу Анатоля Трафімчыка «1939 год і Беларусь: забытая вайна».

P1020716

Выдавец кнігі Андрэй Янушкевіч кажа, што адметнасць выдання ў тым, што аўтар паспрабаваў паглядзець на пачатак Другой Сусветнай вайны з пазіцыі менавіта беларускіх палітычных і нацыянальных інтарэсаў. Акрамя таго, гэта — навукова-папулярны твор для шырокага кола чытачоў, заўважае Янушкевіч:

– Вось гэтая праца – плён прафесійнага навукоўца-гісторыка. Нягледзячы на тое, што кніга мае навукова-папулярны характар. Вы адразу ўбачыце, што тут няма спасылак, няма занадта мудрагелістых тэрмінаў.

Анатоль Трафімчык кажа, што ў пачатку «нулявых» збіраў матэрыял па тэме асветы ў Заходняй Беларусі пры Польшчы і потым пры Саветах. І заўважыў рознасць ацэнкі падзей 1939 года ў беларусаў Падляшша, і тых, хто застаўся ў 1939 годзе на савецкай тэрыторыі.

– Ужо тады я здзівіўся, што для людзей Падляшша 1 верасня 1939 года пачалася вайна. Для нашых людзей вайны яшчэ не было.

Як падаваўся паход Чырвонай арміі ў савецкай Беларусі – вядома. Сціранне чужынскага пылу, асабліва з гісторыі ключавых падзей мінулага Беларусі, ніколі не страціць актуальнасці, кажа Анатоль Трафімчык. І вельмі важна глядзець на значэнне Другой Сусветнай вайны не праз прызму суседзяў, а са сваёй званіцы.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара