У Менску прэзентавалі кнігу “Айчына: маляўнічая гісторыя”
Беларусы яшчэ раз пацвердзілі сваю любоў да айчыннай гісторыі і ўменне ствараць цудоўныя кніжкі для дзяцей.
У Менску адбылася прэзентацыя багата ілюстраванай кнігі “Айчына. Ад Рагнеды да Касцюшкі”, на вокладку якой вынесены два прозвішчы: мастака Паўла Татарнікава і аўтара яе тэкстаў. Гаворыць пісьменнік Уладзімір Арлоў:
– Першая прэзентацыя кнігі “Айчына: маляўнічая гісторыя”, раней былі толькі аўтограф-сесіі. Было шмат маладых бацькоў, але вельмі шмат было дзядоў і бабуль, якія падпісвалі кнігі сваім унукам, унучкам. Прайшло чатыры аўтограф-сесіі і мы з Татарнікавым палічылі, што мы прыкладна паўтары тысячы аўтографаў далі. Калі падпісваеш таму, у каго ўнукі ўжо ў Аўстраліі жывуць, не пажадаеш жа ім шчасця ў сваёй Айчыне, таму зычыш ім, каб яны яе не забывалі.
Поспех кнігі Уладзіміра Арлова і Паўла Татарнікава ўражвае. Нягледзячы на высокі кошт, за паўтары месяцы былі раскупленыя і замоўленыя праз інтэрнэт усе тры тысячы асобнікаў яе накладу.
Для параўнання, на расейскамоўным кніжным рынку, які налічвае больш за 200 мільёнаў патэнцыйных чытачоў, такіх паказнікаў дасягаюць лічаныя адзінкі аўтараў.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск