У Менску прэзентавалі пераклад рамана “Знахар”
У менскай Галерэі “Ў” адбылася прэзентацыя перакладу рамана “Знахар” ураджэнца Беларусі Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча. Так распачаўся чарговы Месяц польскай літаратуры ў Беларусі. Распавядае адна з перакладчыц класічнага твора Марына Шода.
– Тадэвуш Далэнга-Мастовіч – наш зямляк, які нарадзіўся на Глыбоччыне, чалавек высокай адукацыі. Ён быў адным з самых папулярных пісьменнікаў міжваеннай Польшчы, які пісаў раманы, кінасцэнары да “Знахара”. Былі дзве экранізацыі. Адна з іх – у 1982 годзе – прагрымела не толькі ў Польшчы: увесь Савецкі Саюз глядзеў гэты фільм.
Тадэвуш Далэнга-Мастовіч – цікавы пісьменнік, які, як і многія таленавітыя людзі яго пакалення, загінуў падчас Другой сусветнай вайны.
Месяцы польскай літаратуры ў Беларусі праходзяць штогод па лістападах. Сёлетнюю прэзентацыю адкрываў надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік. Амбасадар прамаўляў да аўдыторыі па-беларуску.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск