У Менску прэзентавалі “Забытых герояў” Ігара Мельнікава



Гісторык Ігар Мельнікаў пазнаёміў грамадскасць з чарговымі невядомымі старонкамі беларускай гісторыі і рыхтуе яшчэ адну кнігу.

У Менску прайшла прэзентацыя новай кнігі гісторыка „Забытыя героі”, у якой вядзецца пра змаганне і лёс беларусаў у складзе Другога польскага корпусу і Першай польскай асобнай паветрана-дэсантнай брыгады.

Гэта і бітва пры Монтэ-Касіна, і пра малавядомую шырокай публіцы аперацыю ў Галандыі пад назвай „Маркет-Гардэн”:

– Вельмі важна паказаць не толькі Монтэ-Касіна, але таксама і „Маркет-Гардэн” – аперацыю пра якую беларусы ўвогуле не ведаюць, а гэта вызваленне Галандыі, гераічная аперацыя, кровапралітная аперацыя. Удзел беларусаў варта падкрэсліць, варта адзначыць. Менавіта дзеля гэтага я ўзяўся, каб беларусы, беларускае грамадства ведала праўду пра тыя падзеі, пра тых герояў, каб людзі памяталі не толькі чырвонаармейцаў, якія штурмавалі Берлін, але і пра беларусаў, якія змагаліся супраць нацыстаў у Італіі і Галандыі.

У той жа час, як распавёў Ігар Мельнікаў нашаму радыё, рыхтуецца да друку яшчэ адна кніга, якая, паводле гісторыка, можа паспрачацца па глыбіні тэмы з „Ціхім Донам” Міхаіла Шолахава:

– Гэта гісторыя чалавека, які прайшоў шмат выпрабаванняў. Я параўноўваю яго, думаю гэта не перабольшванне, з “Ціхім Донам” Шолахава. Чалавек вельмі дэталёва апісвае і побыт у Гулагу, і побыт у Другім польскім корпусе, і вызваленне Італіі, пазней эміграцыю і тыя праблемы, якія ён там зведаў.

Апрацаваныя ўспаміны Паўла Нічыпарука гісторык Ігар Мельнікаў паспрабуе выдаць праз адну з краўдфандынгавых пляцовак Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота facebook.com/vradziwinowski