У Менску прэзентуюць польскі нумар часопіса „Мастацтва”



24 кастрычніка а 18-й гадзіне ў Галерэі Міхаіла Савіцкага (пл. Свабоды, 15) адбудзецца прэзентацыя спецыяльнага нумара часопіса “Мастацтва” (№9/2019), прысвечанага польскай культуры.

Мнагарукія піяністы, рэжысёры-правакатары, амазонкі танцавальнага авангарду, скрыпачы-русалкі і – вядома ж! – Манюшка апанавалі старонкі спецыяльнага нумара “Мастацтва” да 25-гадовага юбілею Польскага інстытута ў Мінску.

Гэта нумар да юбілею, але без наўмысна ўрачыстых інтанацый.

Гэта нумар пра нервы і болевыя кропкі сучаснай польскай культуры.

І кожны з аўтараў “Мастацтва” падрыхтаваў сваю “польскую” інструкцыю да дзеяння для беларускага чытача. Алеся Белявец і Любоў Гаўрылюк прапануюць наведаць цэнтры сучаснага арту – Замак Уяздоўскі ў Варшаве і Музей мастацтва ў Лодзі, Месяц фатаграфіі ў Кракаве і Біенале медыямастацтва ў Вроцлаве.

Дзмітрый Падзбярэзскі распавядзе пра незабыўны экспірыенс на Open’er’ы ў Гдыні, а Ганна Лянькова – пра ўласныя прыгоды на фестывалі “Варшава Зінгера”.

Усіх ахвотных распачаць уласную тэатральную справу натхніць найпадрабязны расповед Жаны Лашкевіч аб тым, як жывуць, спаборнічаюць і фінансуюцца найлепшыя прыватныя тэатры Варшавы.

А вось як функцыянуе сапраўдная кінашкола, растлумачыць Антон Сідарэнка – на прыкладзе Школы фільмовай у Лодзі.

Гартаем новы нумар пад спевы Віктара Шалкевіча і абмяркоўваем разам з аўтарамі 24 кастрычніка а 18-й у Галерэі Савіцкага!

УВАХОД НА МЕРАПРЫЕМСТВА ВОЛЬНЫ