У Менску прэзентуюць „Сусветную спадчыну Францыска Скарыны”



Прэзентацыя кнігі „Сусветная спадчына Францыска Скарыны” адбудзецца 3 жніўня ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў выдавецтве „Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”.

500 гадоў таму – 6 жніўня 1517 года – у Празе выйшла першая друкаваная беларуская кніга – Псалтыр, якая лічыцца адной з самых папулярных і распаўсюджаных у хрысціянстве кніг Бібліі. Гэтай кнігай першадрукар Францыск Скарына паклаў пачатак усяму беларускаму кнігавыданню, якое развівалася ў цеснай сувязі з еўрапейскім і ўсходнеславянскім.

Унікальная кніга „Сусветная спадчына Францыска Скарыны”, выдадзеная па заказе Міністэрства інфармацыі Беларусі выдавецтвам „Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, прымеркаваная да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Багата ілюстраванае выданне выйшла ў серыі „Энцыклапедыя рарытэтаў” на трох мовах – беларускай, рускай і англійскай.

Упершыню ў адной кнізе прадстаўлены ўсе 25 кніг беларускага першадрукара. У сучасным выданні наглядна прадстаўлена кніжная спадчына Францыска Скарыны, якая сёння з’яўляецца нацыянальным здабыткам і зьберагаецца ў кніжных і музейных зборах многіх краін свету – Беларусі, Расеі, Украіны, Германіі, Даніі, Польшчы, Літвы, Вялікабрытаніі, Славеніі, Чэхіі, ЗША.

Кніга „Сусветная спадчына Францыска Скарыны” атрымала Гран-пры Міжнароднага конкурсу краін – удзельніц СНД „Мастацтва кнігі – 2017”, Гран-пры Еўразійскай міжнароднай кніжнай выставы Eurasian Book Fair 2017. На прэзентацыю, якая праводзіцца напярэдадні юбілейнай даты выхаду першай беларускай кнігі, запрошаны дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса замежных краін, СМІ.