У Менску пройдзе беларуска-польскі канцэрт
“Тысячагадовае суседства, стагоддзі агульнай гісторыі, повязь культур і блізкасць моваў. Столькі агульнага, а так мала ведаем адзін пра другога”. Так анансуюць беларуска-польскі канцэрт у Менску яго арганізатары – “ПАН-студыя” і Польскі інстытут. На сцэну сталічнага клуба Re:Public выйдзе адзін з самых цікавых і значных сучасных рок-праектаў у Польшчы – LAO CHE, а таксама айчынная рок-каманда :B:N:. Запрашае вакаліст гурта родам з Бярозы Алесь Лютыч:
– Гэта будзе двайны канцэрт. У Беларусі яшчэ такога не было, каб разам ладзілі канцэрт вялікай польскай зоркі і беларускай зоркі. Спадзяюся, што тым, хто прыйдзе на канцэрт, спадабаецца, таму што LAO CHE – цікавы гурт.
Канцэрт пройдзе ў суботу, 21 лістапада. Пачатак а 19-й гадзіне. Адметна, што LAO CHE, за спінай якога – сусветныя туры і сотні канцэртаў, у Беларусі выступіць упершыню. Беларуская ж каманда абяцае з гэтай нагоды адмысловую праграму.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота fm.tuba.pl