У Менску пройдзе пленэр, прысвечаны 200-годдзю Станіслава Манюшкі
Беларускі саюз мастакоў (БСМ) 5 лютага правядзе ў сталічным Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры пленэр, прысвечаны 200-годдзю з дня нараджэння кампазітара Станіслава Манюшкі.
Як паведамляе сайт БСМ, творчая сустрэча пачнецца ў 16.00. Дырэктар музея Зінаіда Кучар, даследчык гісторыі музыкі Аляксей Фралоў і літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч прапануюць мастакам шэраг тэм, звязаных з Манюшкам, якія „могуць быць увасобленыя ў творах жывапісу і пластыкі”. Паводле вынікаў пленэру адбудзецца конкурс, найлепшыя работы трапяць у фонды беларускіх музеяў.
У саюзе мастакоў адзначаюць, што імя Манюшкі „з’яўляецца адным з найвялікшых у гісторыі і культуры Беларусі і Польшчы” і адначасова „ўяўляе гэтыя дзве культуры і аб’ядноўвае іх”.
„Манюшка нарадзіўся і вырас на Меншчыне, правёў свае маладыя гады ў Менску, — гаворыцца ў паведамленні БСМ. — Тут праходзілі яго першыя тэатральна-музычныя пастаноўкі, у салонах менскай інтэлігенцыі XIX стагоддзя гучала яго музыка, напоўненая беларускім фальклорам. Пазней Манюшка працаваў у Вільні — ранейшай сталіцы нашай дзяржавы — як арганіст касцёла Святога Яна. Ужо потым пераехаў у Варшаву, дзе стаў таксама класікам польскай оперы, стварыўшы там свае самыя маштабныя шэдэўры ў гэтым жанры”.
Станіслаў Манюшка нарадзіўся 5 мая 1819 года ў мястэчку Убель Ігуменскага павета Менскай губерні (цяпер аднайменная вёска ў Чэрвеньскім раёне Менскай вобласці). Пачатковую музычную адукацыю атрымаў у беларускага музыканта і педагога Дамініка Стэфановіча ў Менску. Пасля навучаўся музыцы ў Варшаве, Менску, Берліне. З 1840 да 1858 гады жыў у Вільні, дзе працаваў арганістам, пісаў музыку, выкладаў і актыўна развіваў музычнае жыццё горада. Пераехаў у Варшаву, да 1872 года дырыжаваў у оперным тэатры, які сам і ўзначальваў. У сваёй творчасці шырока выкарыстоўваў беларускі фальклор.
На рахунку Манюшкі прыблізна 20 опер і аперэт, тры балеты, пяць імшаў, два рэквіемы і больш за 300 песень, у тым ліку „Паходная песня літвінаў” на словы беларускага паэта Уладзіслава Сыракомлі. У ліку іншага кампазітар напісаў музыку да оперы „Сялянка” паводле п’есы беларускага пісьменніка і драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча „Ідылія”.