У Менску пройдзе сустрэча з Антоні Ліберам



У рамках цыкла «Месяц польскай літаратуры» 14 лістапада адбудзецца творчая сустрэча з польскім пісьменнікам, перакладчыкам і тэатральным рэжысёрам Антоні Ліберам і прэзентацыя беларускамоўнага выдання яго рамана «Мадам».

Раман выйшаў у выдавецтве «Мастацкая літаратура» пры падтрымцы Інстытута кнігі (Кракаў) і Польскага Інстытута ў Менску ў перакладзе Марыны Шоды.

Антоні Лібера — празаік, эсэіст, перакладчык, тэатральны рэжысёр. Знаўца творчасці Сэмюэля Бэкета і перакладчык усіх яго п’ес, а таксама значнай часткі творчасці іншых гатункаў (раманаў, эсэ, паэзіі) на польскую мову. Акрамя таго, з-пад яго рукі выйшлі пераклады шэкспіраўскага «Макбета», «Саламеі» Оскара Уайльда, трагедый Сафокла, паэзіі Гёльдэрліна і Кавафіса. Ставіў шматлікія п’есы Бэкета, у Польшчы і за мяжой.

З’яўляецца лаўрэатам спецыяльнай узнагароды Саюза польскіх перакладчыкаў, узнагароды Фонду літаратуры пры Міністэрстве культуры і мастацтва за пераклад драматычных твораў Бэкета. Узнагароджаны Сярэбраным і Залатым Медалём «За заслугі перад культурай Gloria Artis» (2011, 2018). У 2011 годзе ўзнагароджаны Афіцэрскім крыжам Ганаровага Ордэна Адраджэння Польскі. У 2016 годзе міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Пётр Гліньскі адзначыў А. Ліберу штогадовай прэміяй Міністэрства ў намінацыі «Тэатр». У 2018 Антоні Лібера атрымаў узнагароду імя Прэзідэнта Леха Качыньскага.

«Мадам» — адзіная мастацкая кніга, напісаная Антоні Ліберам. Акрамя шматлікіх узнагародаў, раман адразу заваяваў велізарную сімпатыю чытачоў (усяго надрукавана больш за 100 тыс. асобнікаў, пераклады выйшлі на 20 мовах) і станоўчыя водгукі рэцэнзентаў.

Раман «Мадам» распавядае пра каханне не па гадах разумнага вучня да настаўніцы французскай мовы. Усё адбываецца ў застылых рэаліях Польскай Народнай Рэспублікі. Яна — элегантная, ганарлівая жанчына, на чыё жыццё лёг цень складанай сямейнай гісторыі. Ён — разумны, надзелены літаратурнымі, музычнымі і акцёрскімі здольнасцямі, а часам ужо занадта вырафінаваны ў сваіх паводзінах.

Сам Лібера так гаворыць пра свой раман: «Мадам» — гэта зусім не спроба вярнуцца ў мінулае, уваскрашаць старыя ўзоры, культываваць стыль, які выйшаў у тыраж. Гэта пародыя, пародыя на «Bildungsroman», пікарэскны раман і аўтабіяграфію.

Прэзентацыю з удзелам Антоні Ліберы і перакладчыцы Марыны Шоды правядзе Валярына Кустава.

Мерапрыемства пройдзе 14 лістапада ў 18:00 у новай зале Дома кнігі «Светач» (Менск, пр. Пераможцаў, 11, 2-гі паверх).

Уваход вольны!