У Менску пройдзе сустрэча з гуртом “Крывічы” з Іркуцка



22 ліпеня 2019 года а 18-й гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры ў межах праекту “У сэрцы з Радзімай” запрашае ўсіх жадаючых на творчую сустрэчу з лідарамі гурта іркуцкіх беларусаў “Крывічы” – унікальным творчым калектывам, які прадставіць аматарам беларускай народнай спадчыны праграму “Песні і танцы беларусаў Іркуцкай вобласці”. 

Фальклорныя рэлікты былі запісаны пад час этнаграфічных вандровак па вёсках Прыбайкалля, заснаваных беларускімі перасяленцамі ў пачатку ХХ стагоддзя (1902 – 1912 гг.).

Гурт аўтэнтычнага спеву “Крывічы” заснаваны ў 2009 годзе з ініцыятывы вядомага лідара беларусаў Іркуцкай вобласці Алега Рудакова і сціплай, але моцнай духам дзяўчыны Волі Галанавай, якая і стала натхняльніцай і кіраўніком гурта.

Раней у Прыбайкаллі беларуская песня гучала ў шматлікіх вёсках, заснаваных перасяленцамі. Цяпер “старую” песню пачуць можна толькі зрэдку. Удзельнікі гурта вырашалі даць другое жыццё традыцыйным абрадавым і пазаабрадавым спевам, якія выконваюць у старажытнай манеры спеву продкаў-беларусаў.

Усе дзяўчаты-удзельніцы гурта “Крывічы” нарадзіліся ў Сібіры, але з задавальненнем вывучаюць мову сваіх продкаў і спяваюць родныя песні. Гурт неаднаразова выступаў у Беларусі, у тым ліку на фестывалі мастацтваў беларусаў свету.

Падчас сустрэчы ўдзельнікі змогуць пазнаёміцца з выстаўкай “У сэрцы з Радзімай”, прысвечанай гісторыі літаратурнай спадчыны беларусаў замежжа, паслухаюць старажытныя беларускія спевы, патанчаць танцы іркуцкіх беларусаў разам з Алегам Рудаковым і Вольгай Галанавай.

budzma.by