У Менску развітаюцца з кнігарняй „Галіяфы” (абноўлена)
Сёння, 11 лютага, адбудзецца адмысловая развітальная вечарына. Летась увесну кнігарня адкрылася і змагла папрацаваць усяго пяць месяцаў. Усе спробы выдавецтва “Галіяфы” атрымаць дазвол на продаж кніг у памяшканні кнігарні аказаліся марнымі. Выдавецтва панесла вялізныя страты. Кажа яго дырэктар Зміцер Вішнёў:
– На сённяшні дзень мы ў даволі складанай фінансавай сітуацыі. Нам застаецца толькі выжываць. Мы былі проста пастаўлены перад фактам. Вось выязджаем. Таму сітуацыю, у якой мы апынуліся, я не магу назваць вясёлай, яна даволі сумная.
Урачыстая развітальная імпрэза адбудзецца ў памяшканні былой ужо кнігарні «Галіяфы» сёння ў 18:00 (Менск, вул. Валгаградская, 4А, ст. м. Маскоўская). У ёй возмуць удзел вядомыя пісьменнікі, сярод якіх Уладзімір Арлоў, Андрэй Хадановіч, Сяргей Сыс ды іншыя.
***
У Менску адбудзецца імпрэза-развітанне з кнігарняй „Галіяфы”. Кнігарня аднайменнага выдавецтва праіснавала ўсяго пяць месяцаў – ад 14-га сакавіка мінулага года да забароны гандлю напрыканцы ліпеня. Да апошняга моманту яе стваральнікі не пакідалі надзеі выратаваць культурніцкую прастору.
Кажа дырэктар выдавецтва „Галіяфы” Зміцер Вішнёў:
– Нам проста не даюць магчымасці менавіта гандлю ў гэтым месцы. Мы проста не можам гандляваць, таму гэты праект не можа працягваць сваё існаванне, бо з такой арэндай без гандлю мы не ў стане яго працягваць. Гэты праект не проста ў мінусе – ён у вялікім мінусе для выдавецтва. Што гэта за кнігарня, дзе нельга прадаваць кнігі? Таму мы мусім адтуль з’ехаць.
Тым не менш, „Галіяфы” спадзяюцца на аднаўленне сваёй культурніцкай пляцоўкі ў іншым месцы.
Развітальная імпрэза адбудзецца на наступным тыдні, 11-га лютага, у памяшканні ўжо былой кнігарні „Галіяфы”.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя