У Менску ўручылі прэмію імя Цёткі
У сталіцы Беларусі прайшла цырымонія ўручэння прэміі імя Цёткі, якая даецца за найлепшую беларускую кнігу для дзяцей і падлеткаў, а таксама за найлепшае мастацкае афармленне. Гэта адна з самых «важкіх», у сэнсе грашовай узнагароды, беларускіх літаратурных прэмій. Адным з заснавальнікаў прэміі Цёткі выступіў беларускі ПЭН цэнтр.
Пра лаўрэатаў і ўзнагароды нашаму карэспандэнту распавядае старшыня ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч:
— Прэмію атрымала адна кніга, але адразу дзве галоўныя суаўтаркі: прэмію атрымала пісьменніца з прыгожым менскім псеўданімам Надзея Ясмінска за сваю казачную ва ўсіх сэнсах кнігу прозы «Сем ружаў», і зорка, я б ужо сказаў, маладой кніжнай графікі Кацярына Дубовік, якая аформіла гэтыя «Сем ружаў». Пераможцы атрымаюць беларускія грошы ў суме эквівалентнай вельмі ўмоўнай лічбе ў дзьве тысячы амерыканскіх долараў з лёгкай рукі дабрачыннай фундацыі «Вяртанне», якая фундуе гэтыя дзве ўзнагароды. Асобна для пісьменніка ці пісьменніцы, асобна для мастака ці мастачкі.
Прэмія імя Цёткі заснаваная ў 2015 годзе і прысуджаецца ўпершыню. Гэта адзіная недзяржаўная беларуская літаратурная прэмія, якая даецца за дасягненні ў галіне дзіцячай літаратуры і кнігавыдання. Сярод яе заснавальнікаў: ПЭН цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і дабрачынная фундацыя «Вяртанне». Плануецца, што прэмія стане штогадовай.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя