У Менску ўручылі „Залаты апостраф”



Апостраф нароўні з “Ў” адрознівае беларускую пісьмовую мову ад нашых суседзяў.

Менавіта таму адна з самых прэстыжных недзяржаўных літаратурных прэмій, якую штогод прысуджае часопіс “Дзеяслоў”, і называецца “Залаты апостраф”.

Гаворыць галоўны рэдактар “Дзеяслова” Барыс Пятровіч:

– Мы ў чатырнаццаты раз уручылі прэміі часопіса “Дзеяслоў”. Мы звычайна рабілі асобна вечарыну, на якую збіраліся часам поўныя залы Дома літаратара. У гэтым годзе ўпершыню вырашылі правесці фестываль імя Міхася Стральцова. Былі цікавыя ў нас публікацыі летась, вельмі цяжкі выбар. Мы назвалі пераможцаў у намінацыі “Лепшая проза”, перамог Валерый Гапееў. У намінацыі лепшая паэзія лаўрэатам стаў Міхась Скобла. За лепшы дэбют прэмію атрымала Крысціна Бандурына.   

Прысуджэнне прэміі “Залаты апостраф” – заўсёды нечаканасць для ўзнагароджаных. Некаторыя з іх прыехалі ў менскую галерэю “TUT.BY”, каб паўдзельнічаць у паэтычным фэсце імя Міхася Стральцова, і проста ў зале даведаліся, што атрымаюць прэстыжныя літаратурныя ўзнагароды. 

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск