У Менску ўшанавалі памяць Васіля Быкава
Саюз беларускіх пісьменнікаў адзначыў 95-ыя ўгодкі Васіля Быкава акцыяй памяці на Усходніх могілках сталіцы, дзе пахаваны народны пісьменнік.
Кажа былы дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання Сяргей Навумчык:
– Каб ацаніць маштаб асобы, трэба на хвіліну выняць гэтую асобу з гісторыі. Вось, калі мы вымем Васіля Быкава, як асобу, ні як пісьменніка, а як асобу, як грамадскага дзеяча, як дзеяча нацыянальнага адраджэння з гісторыі Беларусі, пачынаючы недзе з канца 80-х гадоў, дык вось, шчыра кажучы, у мяне вялікае сумненне, ці мелі б мы сёння незалежную Беларусь.
Ушанаваць памяць выдатнага беларускага празаіка, мысляра, народнага пісьменніка Беларусі прыйшлі некалькі дзясяткаў творцаў, сяброў і проста неабыякавых грамадзянаў.
Васіль Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Бычкі Віцебскай вобласці. Народны пісьменнік Беларусі сышоў з жыцця 22 чэрвеня 2003 года. Пахаваны на Усходніх могілках у сталіцы Беларусі.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск