У Менску ўшанавалі памяць Якуба Коласа
У Менску ўшанавалі памяць нацыянальнага паэта Беларусі Якуба Коласа, які памёр у жніўні 1956 году.
Мерапрыемства адбылося ў доме-музеі паэта. Таксама шмат людзей прыйшло на Вайсковыя могілкі, да магілы Якуба Коласа, дзе прагучалі выступы паэтаў і былі зачытаныя вершы.
Пісьменнік і грамадскі дзеяч Анатоль Бутэвіч, адзначае, што гэты дзень – нагода, каб спытаць у сябе, а ці ўсё робіцца дзеля захавання памяці Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча:
– Калі праўду казаць, то трэба прызнацца, што не ўсё рабілі і робім, каб памяць класікаў беларускай літаратуры была такой, якой яны вартыя. Каб іх памяць была несмяротнай, нам трэба шмат яшчэ зрабіць і па вывучэнню жыцця, і па папулярызацыі творчасці, і па перакладзе на іншыя мовы. Сёння мы сабраліся ў музеі, каб адзначыць дзень сумны – дзень развітання.
“Але гэта адначасова і дзень веры ў тое, што справа Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча не загіне і спадчына іх не будзе забыта”, – адзанчыў Анатоль Бутэвіч.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя