У Менску выйшла кніга легендаў і паданняў
У менскім выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” выйшла з друку прыгожая кніжка легендаў і паданняў Сяргея Чыгрына “Камень-бацька і камень-сын”. Кніжка выйшла ў серыі “Беларускія пісьменнікі – дзецям” накладам 1600 асобнікаў.
У кнізе занатаваны і апрацаваны прыклады вуснага народнага мастацтва, сабраныя аўтрам на працягу многіх гадоў ад сваіх землякоў на Слонімшчыне, Зэльвеншчыне і Дзятлаўшчыне. Праз легенды і паданні жыхары гэтых рэгіёнаў здаўна імкнуліся растлумачыць мясцовыя аб’екты і назвы вёсак, рэчак, азёраў, крыніц, асобных дрэў, камянёў, лясных мясцін, урочышчаў і інш. У аснове тлумачэння ляжаць легендарныя падзеі, уяўна-фантастычныя сюжэты, імёны канкрэтных людзей і звышнатуральных істот, якія ў гістарычным часе абраслі домысламі. Народнай фантазіяй аздоблены кароткія паданні, у якіх дзейнічаюць істоты язычніцкай славянскай міфалогіі – чорт, змей, русалка, лесавік і г.д.
Кніга Сяргея Чыгрына “Камень-бацька і камень-сын” будзе карыснай і цікавай для ўсіх, каму дарагая родная мова і культура, фальклор і наша гісторыя.
Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя